Многія жанчыны працягваюць хвалявацца за сваіх дарослых дзяцей і ўсё яшчэ адчуваюць сваю адказнасць за іх паводзіны. Аднак адзіная адказнасць маці за яе дарослае дзіця заключаецца ў тым, каб быць з ім тады, калі яна яму неабходная, каб любіць яго, даваць яму парады і маліцца за яго. Маці павінна даць свайму дзіцяці свабоду, хоць часам для яе гэта вельмі цяжка. Тады трэба ўзгадаць словы псальма: «Ускладзі клопат свой на Пана, і Ён цябе падтрымае» (Пс 55 [54], 23), — даверыцца Богу і сказаць Яму: «Мы нічога не можам зрабіць; толькі Ты, Пане, усё можаш».
Святы Пётр, асцерагаючы хрысціянаў ад шматлікіх небяспекаў гэтага свету, пісаў: «Праціўнік ваш, д'ябал, як леў, кружыць з рыкам, шукаючы, каго пажэрці» (1 П 5, 8). Таму неабходна, асабліва ў наш вельмі неспакойны час, прасіць у Бога абароны. Маці павінны прасіць Пана Бога, каб Ён абараніў іх дзяцей ад зла, якое існуе навокал, бо менавіта маці найлепш вядомая яго знішчальная моц. Па меры таго, як сама маці набліжаецца да Бога, сатана будзе з усё большай сілай імкнуцца перашкодзіць ёй і таму ў першую чаргу скіруе свае напады супраць яе дзіцяці. Вось чаму гэтая малітва такая важная. Будзем жа штодзённа маліцца, просячы ў Бога абароны для нашых дзяцей!
Маці часам лічыць, што яна мае ўсе адказы для свайго дзіцяці; яна думае, што ведае яго жыццёвыя патрэбы і — у пэўнай ступені — мае рацыю. Але наколькі лепш за маці ўсе патрэбы дзіцяці ведае наш Нябесны Айцец! Таму вельмі важна прасіць Яго, каб Ён асвячаў сэрцы і думкі маці. Просячы Бога аб асвячэнні, маці пацвярджае сваю залежнасць ад Яго. Яна гаворыць: «Пане, мне цяжка, я прашу Цябе, дапамажы мне!». Менавіта такі дзіцячы давер да Яго з'яўляецца благаслаўлёным. «Калі ж вы, будучы злымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто папросіць у Яго» (Лк 11, 13).
Езус вучыць нас не судзіць адзін аднаго, але часам у малітву маці ўсё ж такі можа закрасціся асуджэнне: